Includes unlimited streaming via the free Bandcamp app, plus high-quality download in MP3, FLAC and more.
Працяг дасьледваньня пост-бардавай эстэтыцы, распачатай у зімку альбомам "Сьвятая Заруба". Запісаны на тым жа гуку, тымі жа сродкамі й абсталяваньнем. Гэта не паўтор, а менавіта працяг. Заруба, першапачаткова планавалася, як агромністы спіс песьняў да выкананьня. Бо ў гэтым фармаце, усё падпарадкавана, менавіта, выкананьню й фіксацыі моманту. Моманту адаптацыі любога твору, з усімі ягонымі складанасьцямі і празмернасьцямі, пад аблегчаныя патрэбы. Патрэбы падарожніка, так бы мовіць. Бо пры зборы паходнага заплечніка, нельга ўзяць з сабой у вандроўку, усё што захочацца, трэба аддаваць перавагу самаму галоўнаму. Лёгкаму-лёгкаму нашаму далёкаму. Каб у фінальнай сваёй выправе, ля вогнішча ў патойбаковым садзе, пад шырокім разгалістым нечым, не засіраць прастору сваімі бясконцымі пажыткамі, а сесьці без скуры і прыкласьці да зьзяючага свайго сэрца, бязбожна звонкі бутон ружнай мэтазгоднасьці. Бо калі й існуе час, дзе існасьць хоча быць пачутай, дык менавіта вось. У кропцы дзе апошняе становіцца зноў першым. Дзе калі не там, карціць спатольна накласьці, на раздражнённую паверхню свайго скуголеньня, прахалоду бязглузда блатнога акордзіка. Каб з гэтага накладзенага на труп пластыру, пачало перці новае бадыльлё.
Выкананьне першасней тут за матэрыял, бо тутэйшы гук, гэта лічбавы адбітак маіх наймацнейшых песьнягральных здабыткаў. Мае крылы, лапы і хвост. Недакурачак з маёй памадай. Кошык з ужытай бялізнай ля пральні. Процемка на рагавіцы, так лёгка зьбягаючая, што лавіць яе прыходзілася доўгія гады. Можа камусьці й даецца лягчэй пошук формы, мацаньне гэнай аорты, жывічны дотык да падкоркавых валокнаў. Але я пакуль гэтую карову зацыркаў, жыцьцё прайшло.
Пакуль што працуе. Але хутка і гэты кранік закрыецца. Форма з’яўляецца прыстанкам для зьместу абмежаваны час. Як тое вакно ў піцерскай камуналцы, яно не ў любы момант транспарціруе ў Парыж. Дзякуй, што ўдалося хоць бы паўвухам пачуць, далёкія міргацелкі ўнутраных шанз-элізе, ды нават зымітаваць іх гук, з дапамогай непаслухмяных вуснаў.
Выкананьне, і ўвогуле, заўсёды першасней. Палажэньне рукі, вочных яблыкаў, языку, думкаў, могуць надзьмуць жыцьцё ў самы бязхітрасны радок, у самую пасрэдную пасьлядоўнасьць музычных інтэрвалаў. Не кажучы ўжо.
Ці вы ведаеце як часта даводзіцца вяртаць сябе, адляцеўшага ў думках, па вяровачцы гуку, нацягнутай паміж языковай дзюбкай і кропкай сыходжаньня двух перакрыжаваных вачэй, назад, да цьвердзі зямнога зэдліку? У гэтыя імгненьні, з тэкстам песьні пачынаюцца самыя нечаканыя здарэньні. Але тканіна апавяданьня ўсё церпіць. Я трымаю матэрыял у руках, жывым і падатлівым, каб камячыўся цёплай глінай. Задзервянець пасьпее. Хаця й спадзяваньнем на тое, што ніколі не задзервянее - жыву.
Я ж не выканаўца, у шырока прафесійным сэнсе тэрміну. Але ж я горача люблю выконваць.. Варта было, проста перавесьці працэсы маіх малебных скрыгатаньняў, у рэжым фізіялагічных, і атрымалася, усё ж, дасягнуць пэўнай стабільнасьці. Як пры харчаваньні ці хадзьбе. Механіка не складаная: рукам трэба даць волю, а думкі прывязаць, на дастатковым для бясьпечнага выпасу, павадку. І назіраць, як яны кульбавяцца ў вышыні, як паветраны змей.
Безумоўна, існуе жаданьне, зайграць у гэткім сьвятым фармаце, усе магчымыя і немагчымыя, напісаныя й ненапісаныя, балючыя і гаючыя, дваровыя і высакародныя несказанкі... але плоць і кроў Альбомавы, маюць свае ўласныя таінствы існаваньня. І мне, як актыўнаму верніку, і ўдзельніку культу сакральнай меламаніі, наканавана іх шанаваць.
Усе ненапісаныя песьні, таксама ўваходзяць у склад гэтай серыі плытак. Я думаю пра кожную з іх. Уяўляю іх па асобку, і эмацыйнымі блокамі. Але ж, нажаль, нават не ўсе яны, даюць рады змесьціцца пад адной вокладкай. Але ж спадзяюся, усе дачакаюцца сваёй чаргі выканацца. Гэтым разам без квіткоў пралезлі некаторыя самыя любімыя і нават троху заезджаныя, але ці не ў гэтым мейсцы крыецца воля, як не ў праве пагарджаць рацыянальнасьцю, у гонар раптоўнага жаданьня. Усе аўтары, каго я ўзгадаў у назвах твораў, выдуманыя. Не можа нашая плоская зямля, насіць столькі выпуклых прыгажунь. Забэла, гэта інтэлігентны студэнт, з чарговага суіцыдальнага апавяданьня Васіля Быкава, студэнт, які ўсё разумее, але не ведае як сказаць. Лось — то агромны Алесь. Дзяніс — трус, хто кудысьці заўсёды сьпяшаецца, не заўважаючы, што паўсюль пасьпеў. Клапоцкі — ашчэпак недабітай шляхты, месяцамі не мяняе шлюбную камізэльку і вудзіць рыбу ў зачараваным запрудзьдзі. І Сяржук — сам гушчар леса і сцэна для нас, пагарэльцаў. Я наўмысна пазбавіў іхнія песьні пэўных назваў, бо жыцьцё кожнага з іх, і ёсьць — музыка.
Такое блакітнае неба, бля!
- Instagram
- Facebook